ПАГАДНЕННЕ
ПАМIЖ УРАДАМ РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ I УРАДАМ АўСТРЫЙСКАЙ
РЭСПУБЛIКI АБ САДЗЕЙНIЧАННI АЖЫЦЦЯўЛЕННЮ I АХОВЕ IНВЕСТЫЦЫЙ *)
_____________________________
*) Уступiла ў сiлу 1 чэрвеня 2002 г.
Урад Рэспублiкi Беларусь i Урад Аўстрыйскай Рэспублiкi (у
далейшым - Дагаворныя Бакi),
жадаючы стварыць спрыяльныя ўмовы для пашырэння эканамiчнага
супрацоўнiцтва памiж Дагаворнымi Бакамi,
прызнаючы, што садзейнiчанне ажыццяўленню i ахове iнвестыцый
можа спрыяць зацiкаўленасцi ў ажыццяўленнi такiх iнвестыцый i тым
самым зробiць важны ўклад у развiццё эканамiчных адносiн,
пагадзiлiся аб наступным:
Артыкул 1
Азначэннi
Для мэт гэтага Пагаднення нiжэйпрыведзеныя тэрмiны будуць мець
наступнае значэнне:
1. "Iнвестыцыi" азначаюць усе актывы, у прыватнасцi, але не
выключна:
а) рухомую i нерухомую маёмасць, а таксама любыя iншыя рэчавыя
правы, такiя, як iпатэкi, правы залогу, а таксама залогi i iншыя
падобныя правы;
б) долi i iншыя формы ўдзелу ў прадпрыемствах;
в) правы патрабавання ў адносiнах да грашовых сродкаў,
прадастаўленыя з мэтай стварэння якой-небудзь эканамiчнай
каштоўнасцi, або правы патрабавання ў адносiнах да любога выканання
абавязацельстваў па дагавору, якi мае якую-небудзь эканамiчную
каштоўнасць;
г) правы на iнтэлектуальную i прамысловую ўласнасць, як гэта
вызначана ў шматбаковых пагадненнях, заключаных у межах Сусветнай
арганiзацыi iнтэлектуальнай уласнасцi, уключаючы, але не
абмяжоўваючы аўтарскiя правы, таварныя знакi, патэнты, прамысловыя
ўзоры i тэхнiчныя працэсы, фiрменныя найменнi, "гуд вiл" i
канфiдэнцыяльную iнфармацыю, уключаючы "ноў-хаў";
д) канцэсii, якiя прадастаўляюцца ў адпаведнасцi з
заканадаўствам на разведку, развiццё, здабычу або эксплуатацыю
прыродных рэсурсаў.
Любая змена формы, у якой згодна з заканадаўствам любога з
Дагаворных Бакоў былi iнвесцiраваны актывы, не закранае iх характару
як iнвестыцый.
2. "Iнвестар" азначае:
а) любую фiзiчную асобу, якая мае грамадзянства любога з
Дагаворных Бакоў i якая ажыццяўляе iнвестыцыi на тэрыторыi iншага
Дагаворнага Боку;
б) любую юрыдычную асобу або таварыства, якiя створаны згодна з
заканадаўствам аднаго Дагаворнага Боку, маюць сваё месцазнаходжанне
на тэрыторыi гэтага Дагаворнага Боку i ажыццяўляюць iнвестыцыi на
тэрыторыi iншага Дагаворнага Боку;
в) любую юрыдычную асобу або таварыства, створаныя згодна з
заканадаўствам любога з Дагаворных Бакоў або заканадаўствам трэцяй
дзяржавы, у якiх iнвестар, азначаны ў пунктах 2 "а" i 2 "б" гэтага
Артыкула, аказвае пераважны ўплыў.
3. "Дзейнасць у сувязi з iнвестыцыямi" азначае дзейнасць, якая
звязана з якiмi-небудзь iнвестыцыямi i ажыццяўляецца згодна з
заканадаўствам прымаючага Дагаворнага Боку.
4. "Даходы" азначаюць сумы, атрыманыя ад якiх-небудзь
iнвестыцый, i, у прыватнасцi, але не выключна, уключаюць прыбытак,
працэнты, даходы ад прыросту маёмаснай вартасцi, дэвiдэнды, раялцi,
лiцэнзii i iншыя ўзнагароджаннi.
5. "Без неабгрунтаванай затрымкi" азначае такi перыяд часу, якi
звычайна патрабуецца для выканання ўсiх неабходных фармальнасцей,
якiя звязаны з працэдурай пераводу плацяжоў.
6. "Тэрыторыя" азначае тэрыторыю адпаведнай дзяржавы, на якой
згодна з мiжнародным правам гэта дзяржава можа ажыццяўляць
суверэнныя правы або якая знаходзiцца пад яе юрысдыкцыяй.
Артыкул 2
Садзейнiчанне ажыццяўленню i ахове iнвестыцый
1. Кожны з Дагаворных Бакоў на сваёй тэрыторыi будзе па меры
магчымасцi садзейнiчаць ажыццяўленню iнвестыцый iнвестараў iншага
Дагаворнага Боку, дапускаць такiя iнвестыцыi i дзейнасць у сувязi з
iнвестыцыямi згодна са сваiм заканадаўствам i ў любым выпадку будзе
прадастаўляць такiм iнвестыцыям i дзейнасцi ў сувязi з iнвестыцыямi
справядлiвы i раўнапраўны рэжым.
2. Дапушчаныя ў адпаведнасцi з пунктам 1 гэтага Артыкула
iнвестыцыi i даходы, звязаныя з iмi, будуць карыстацца поўнай аховай
гэтага Пагаднення. Без абмежавання дзеяння палажэнняў пункта 1
гэтага Артыкула аналагiчны рэжым будзе прадастаўляцца ў адносiнах да
даходаў, атрыманых ад паўторнага iнвесцiравання вышэйадзначаных
даходаў.
Артыкул 3
Рэжым iнвестыцый
1. Кожны з Дагаворных Бакоў прадаставiць iнвестарам iншага
Дагаворнага Боку i iх iнвестыцыям рэжым не менш спрыяльны за той,
якi ён прадастаўляе сваiм уласным iнвестарам i iх iнвестыцыям або
iнвестарам любой трэцяй дзяржавы i iх iнвестыцыям.
2. Кожны з Дагаворных Бакоў прадаставiць на сваёй тэрыторыi
iнвестарам iншага Дагаворнага Боку ў тым, што датычыцца, у
прыватнасцi, але не выключна, кiравання, падтрымкi, выкарыстання або
распараджэння iх iнвестыцыямi, рэжым, не менш спрыяльны за той, якi
ён прадастаўляе сваiм уласным iнвестарам або iнвестарам любой трэцяй
дзяржавы, у залежнасцi ад таго, якi з iх з`яўляецца больш
спрыяльным.
3. Палажэннi пункта 1 гэтага Артыкула не павiнны быць
вытлумачаны такiм чынам, каб абавязаць адзiн з Дагаворных Бакоў
распаўсюджваць на iнвестараў iншага Дагаворнага Боку i iх iнвестыцыi
перавагi любых iснуючых або магчымых у будучым рэжыму, прэферэнцый
або прывiлей, што вынiкаюць з любога:
а) мытнага саюза, агульнага рынку, зоны вольнага гандлю або
членства ў якiм-небудзь эканамiчным супольнiцтве;
б) мiжнароднага дагавора, мiжнароднай дамоўленасцi або
ўнутранага заканадаўства, якiя адносяцца да падаткаабкладання;
в) рэгулявання па палягчэннi прыгранiчнага руху.
Артыкул 4
Экспрапрыяцыя i кампенсацыя
1. Iнвестыцыi iнвестараў любога з Дагаворных Бакоў на тэрыторыi
iншага Дагаворнага Боку не падлягаюць нацыяналiзацыi, экспрапрыяцыi
або iншым мерам, дзеянне якiх эквiвалентна нацыяналiзацыi або
экспрапрыяцыi (у далейшым - экспрапрыяцыя), iнакш як у грамадскiх
iнтарэсах згодна з заканадаўствам, на недыскрымiнацыйнай аснове i
пры забеспячэннi своечасовай, адэкватнай i эфектыўнай кампенсацыi.
Гэта кампенсацыя павiнна складаць фактычную рынкавую вартасць
экспрапрыiраваных iнвестыцый на момант, якi непасрэдна папярэднiчаў
ажыццяўленню экспрапрыяцыi цi яе абнародаванню ў залежнасцi ад таго,
што адбылося раней, уключаць працэнт, разлiчаны на падставе стаўкi
LIBOR або эквiвалентнай ёй стаўкi, з даты экспрапрыяцыi да даты
плацяжу, выплачвацца хутка, павiнна быць эфектыўна ажыццявiмай i
пераводзiцца без абмежаванняў. Вынiкаючыя ў гэтай сувязi пераводы
павiнны ажыццяўляцца без неабгрунтаванай затрымкi ў канверсуемай
валюце, у якой iнвестыцыi былi першапачаткова ажжыццёўлены, або ў
якой-небудзь iншай канверсуемай валюце, узгодненай памiж iнвестарам
i адпаведным Дагаворным Бокам. Меры па вызначэнню i выплаце такой
кампенсацыi будуць ажыццяўляцца адпаведным чынам не пазней моманту
экспрапрыяцыi.
2. У выпадку, калi адзiн з Дагаворных Бакоў экспрапрыiруе
актывы кампанii, якая разглядаецца як кампанiя гэтага Дагаворнага
Боку i ў якой iнвестар iншага Дагаворнага Боку мае долi, для выплаты
належнай кампенсацыi дадзенаму iнвестару будуць прымяняцца палажэннi
пункта 1 гэтага Артыкула.
3. Такi iнвестар будзе мець права на:
перагляд экспрапрыяцыi кампетэнтнымi органамi Дагаворнага Боку,
якi ажыццявiў экспрапрыяцыю;
сумы i ўмовы выплаты кампенсацыi, перагледжаныя цi
кампетэнтнымi органамi Дагаворнага Боку, якi ажыццявiў
экспрапрыяцыю, цi мiжнародным арбiтражным судом згодна з Артыкулам 9
гэтага Пагаднення.
Артыкул 5
Пакрыццё страт
1. Калi iнвестыцыi, ажыццёўленыя iнвестарам любога з Дагаворных
Бакоў на тэрыторыi iншага Дагаворнага Боку, сталi стратнымi ў вынiку
вайны або iншага ўзброенага канфлiкту, рэвалюцыi, надзвычайнага
становiшча ў дзяржаве, паўстання, бунту цi хваляванняў або iншых
падобных падзей, што мелi месца на тэрыторыi апошняга Дагаворнага
Боку, апошнi Дагаворны Бок прадастаўляе рэжым не менш спрыяльны за
той, якi ён прадастаўляе сваiм уласным iнвестарам або iнвестарам
любой трэцяй дзяржавы ў тым, што датычыцца аднаўлення, пакрыцця
страт, кампенсацыi або iншага ўрэгулявання. Неабходныя ў гэтай
сiтуацыi плацяжы павiнны пераводзiцца без абмежаванняў.
2. Без урону для пункта 1 гэтага Артыкула iнвестарам аднаго з
Дагаворных Бакоў, якiя ў любой з сiтуацый, зазначаных у гэтым
пункце, нясуць на тэрыторыi iншага Дагаворнага Боку страты ў
вынiку:
рэквiзiцыi iх iнвестыцый сiламi або ўладамi апошняга, цi
знiшчэння iх iнвестыцый сiламi або ўладамi апошняга, пры тым,
што гэта не было выклiкана неабходнасцю становiшча,
прадастаўляюцца апошнiм Дагаворным Бокам аднаўленне або
кампенсацыя, якiя ў любым выпадку будуць хуткiмi, адэкватнымi i
эфектыўнымi. У тым, што датычыцца кампенсацыi, то яна будзе
пераводзiцца без абмежаванняў у адпаведнасцi з пунктам 1 Артыкула 4
гэтага Пагаднення.
Артыкул 6
Перавод
1. Кожны з Дагаворных Бакоў гарантуе iнвестарам iншага
Дагаворнага Боку бесперашкодны перавод плацяжоў, звязаных з
iнвестыцыямi, якi ажыццяўляецца без неабгрунтаванай затрымкi ў
свабодна канверсуемай валюце, у прыватнасцi, але не выключна:
а) першапачатковых сум i дадатковых сум для падтрымання або
пашырэння iнвестыцый;
б) сум, прадугледжаных для пакрыцця выдаткаў, якiя адносяцца да
кiравання iнвестыцыямi;
в) даходаў;
г) выплат пазык;
д) выручкi ад поўнай цi частковай лiквiдацыi або продажу
iнвестыцый;
е) кампенсацыi ў адпаведнасцi з пунктам 1 Артыкула 4 i
Артыкулам 5 гэтага Пагаднення;
ж) плацяжоў, вынiкаючых з урэгулявання спрэчак.
2. Палажэннi пункта 1 гэтага Артыкула не павiнны быць
вытлумачаны такiм чынам, каб дазволiць пазбегнуць выплаты падаткаў.
3. Без абмежавання дзеянняў пунктаў 1 i 2 гэтага Артыкула кожны
Дагаворны Бок можа абараняць правы крэдытораў або забяспечваць
выкананне законаў, якiя рэгулююць выпуск каштоўных папер, гандаль
iмi, аперацыi, звязаныя з каштоўнымi паперамi i выкананнем судовых
рашэнняў, якiя вынiкаюць з судаводскiх працэдур па грамадзянскiх,
адмiнiстрацыйных i крымiнальных справах, шляхам раўнапраўнага,
недыскрымiнацыйнага i дабразычлiвага прымянення яго заканадаўства.
4. Пераводы, зазначаныя ў гэтым Артыкуле, будуць ажыццяўляцца
па рыначнаму абменнаму курсу, якi прымяняецца на дату пераводу,
згодна з дзеючым заканадаўствам аб валютным рэгуляваннi.
5. Абменныя курсы будуць вызначацца ў адпаведнасцi з
кацiроўкамi валютных бiржаў на тэрыторыi кожнага з Дагаворных Бакоў
або ў выпадку адсутнасцi апошнiх згодна з банкаўскай сiстэмай на
тэрыторыi кожнага з Дагаворных Бакоў.
Артыкул 7
Субрагацыя
Калi адзiн Дагаворны Бок або ўпаўнаважаная iм арганiзацыя
выконвае плацеж свайму iнвестару ў сiлу гарантыi, прадастаўленай у
адносiнах да якiх-небудзь iнвестыцый на тэрыторыi iншага Дагаворнага
Боку, iншы Дагаворны Бок будзе без страты правоў iнвестара першага
Дагаворнага Боку ў адпаведнасцi з Артыкулам 9 гэтага Пагаднення i ў
адпаведнасцi з правамi першага Дагаворнага Боку згодна з Артыкулам
10 гэтага Пагаднення прызнаваць перадачу першаму Дагаворнаму Боку
ўсiх правоў i правоў патрабавання гэтага iнвестара па заканадаўству
або згодна з законнай здзелкай. Апошнi Дагаворны Бок будзе таксама
прызнаваць субрагацыю першым Дагаворным Бокам у адносiнах да любых
такiх правоў i правоў патрабавання, якiя гэты Дагаворны Бок будзе
мець права ажыццяўляць у тым жа памеры, як i яго правапапярэднiк. У
тым, што датычыцца пераводу плацяжоў зацiкаўленаму Дагаворнаму Боку
згодна з гэтым пераходам правоў, палажэннi Артыкулаў 4, 5 i 6 гэтага
Пагаднення будуць прымяняцца mutatis mutandis.
Артыкул 8
Iншыя абавязацельствы
1. Калi ўнутранае заканадаўства аднаго з Дагаворных Бакоў або
iснуючыя цi ўзгодненыя ў будучым у дапаўненне да гэтага Пагаднення
памiж Дагаворнымi Бакамi абавязацельствы змяшчаюць агульныя цi
спецыяльныя правiлы, згодна з якiмi iнвестыцыi iнвестараў iншага
Дагаворнага Боку карыстаюцца рэжымам больш спрыяльным за той, што
ўстанаўлiваецца гэтым Пагадненнем, гэтыя правiлы маюць перавагу ў
адносiнах да гэтага Пагаднення ў той частцы i пастолькi, у якой i
паколькi яны больш спрыяльныя.
2. Кожны Дагаворны Бок будзе выконваць прынятыя на сябе
абавязацельствы, якiя вынiкаюць з магчымых кантрактаў, якiя былi
заключаны з iнвестарам iншага Дагаворнага Боку ў тым, што датычыцца
iнвестыцый, ухваленых першым Дагаворным Бокам на сваёй тэрыторыi.
Артыкул 9
Урэгуляванне iнвестыцыйных спрэчак
1. Любая спрэчка памiж Дагаворным Бокам i iнвестарам iншага
Дагаворнага Боку, якая можа ўзнiкнуць у сувязi з якiмi-небудзь
iнвестыцыямi, будзе па магчымасцi рашацца бакамi ў спрэчцы
дружалюбным шляхам.
2. Калi спрэчка ў адпаведнасцi з пунктам 1 гэтага Артыкула не
можа быць вырашана на працягу трох месяцаў з даты пiсьмовага
паведамлення з падрабязным выкладаннем патрабаванняў, гэта спрэчка
па просьбе Дагаворнага Боку або iнвестара iншага Дагаворнага Боку
будзе вырашацца ў адпаведнасцi з наступнымi працэдурамi:
а) у Мiжнародным цэнтры па ўрэгуляваннi iнвестыцыйных спрэчак
для ўрэгулявання шляхам прымiрэння або арбiтражу ў адпаведнасцi з
Канвенцыяй па ўрэгуляваннi iнвестыцыйных спрэчак памiж дзяржавамi i
асобамi iншых дзяржаў, якая адкрыта для падпiсання 18 сакавiка 1965
года ў г.Вашынгтоне. У выпадку арбiтражнага разгляду кожны Дагаворны
Бок у адпаведнасцi з гэтым Пагадненнем папярэдне i канчаткова дае
згоду, нават у тым выпадку, калi адсутнiчае асобнае арбiтражнае
пагадненне памiж гэтым Дагаворным Бокам i iнвестарам, на перадачу
спрэчкi ў гэты цэнтр i на выкананне яго рашэнняў. Гэта згода будзе
таксама адносiцца i да адмовы ад патрабаванняў таго, каб абавязкова
былi выкананы ўнутраныя адмiнiстрацыйныя i юрыдычныя працэдуры;
б) у арбiтражным судзе з трох членаў згодна арбiтражнаму
рэгламенту UNCITRAL з апошнiмi папраўкамi, прынятымi абодвума
Дагаворнымi Бакамi на момант паведамлення аб iнiцыiраваннi
арбiтражнай працэдуры. Дагаворны Бок прадстаўляе сябе у арбiтражным
судзе, таксама паведамiўшы ў гэтым выпадку, што наконт вызначанай
справы нiякай iншай арбiтражнай дамоўленасцi не iснуе.
3. Рашэннi суда будуць канчатковымi i абавязковымi для
выканання, гэтыя рашэннi будуць выконвацца ў адпаведнасцi з
нацыянальным заканадаўствам, кожны Дагаворны Бок будзе прызнаваць i
забяспечваць выкананне арбiтражных рашэнняў згодна з яго адпаведным
заканадаўствам.
4. Дагаворны Бок, якi з`яўляецца бокам у спрэчцы, абавязваецца
на працягу ўсяго судовага разбору i выканання судовага рашэння не
выстаўляць у якасцi пратэсту той факт, што iнвестар, якi з`яўляецца
супрацiўным бокам у спрэчцы, у выкананне якога-небудзь гарантыйнага
кантракту атрымаў поўную або частковую кампенсацыю ў адносiнах да
панесеных iм страт.
Артыкул 10
Урэгуляванне спрэчак памiж Дагаворнымi Бакамi
1. Спрэчкi памiж Дагаворнымi Бакамi на падставе тлумачэння або
прымянення гэтага Пагаднення павiнны вырашацца, наколькi гэта
магчыма, шляхам дружалюбных перамоў.
2. Калi вырашэнне якой-небудзь спрэчкi, зазначанай у пункце 1
гэтага Артыкула, немагчыма на працягу шасцi месяцаў, гэта спрэчка па
хадайнiцтву любога з Дагаворных Бакоў будзе перададзена ў арбiтражны
суд.
3. Гэты арбiтражны суд будзе заснаваны для кожнага канкрэтнага
выпадку наступным чынам:
Кожны з Дагаворных Бакоў прызначыць па адным члене суда i гэтыя
два члены вызначаць затым грамадзянiна трэцяй дзяржавы, якi i будзе
прызначаны старшынёй суда з узаемнай згоды Дагаворных Бакоў. Гэтыя
члены павiнны быць прызначаны на працягу двух месяцаў з даты, калi
адзiн Дагаворны Бок паведамiць iншаму Дагаворнаму Боку аб намеры
перадаць спрэчку ў арбiтражны суд. Прызначэнне старшынi павiнна
адбыцца на працягу двух наступных месяцаў з дня прызначэння першых
двух членаў.
4. Калi тэрмiны, зазначаныя ў пункце 3 гэтага Артыкула, не былi
выкананы i калi Дагаворныя Бакi не дамовiлiся аб iншым, любы з
Дагаворных Бакоў можа звярнуцца з просьбай аб правядзеннi неабходных
прызначэнняў да Старшынi Мiжнароднага Суда. Калi Старшыня
Мiжнароднага Суда з`яўляецца грамадзянiнам аднаго з Дагаворных Бакоў
або не мае магчымасцi ажыццявiць зазначаныя вышэй дзеяннi па iншых
прычынах, права ажыццяўлення неабходных прызначэнняў будзе
прадастаўлена намеснiку Старшынi або ў выпадку, калi i ён не мае
магчымасцi, просьба аб правядзеннi неабходных прызначэнняў будзе
адрасавана наступнаму па старшынству члену Мiжнароднага Суда, якi
адпавядае такiм жа неабходным умовам.
5. Суд сам вызначае рэгламент сваёй працы.
6. Арбiтражны суд прымае свае рашэннi ў адпаведнасцi з гэтым
Пагадненнем згодна з агульнапрызнанымi правiламi мiжнароднага права.
Ён прымае свае рашэннi большасцю галасоў, гэтыя рашэннi будуць
канчатковымi i абавязковымi для выканання.
7. Кожны з Дагаворных Бакоў нясе выдаткi прызначанага iм члена
суда i выдаткi, звязаныя з яго ўдзелам у арбiтражным судаводстве.
Выдаткi старшынi i няўлiчаныя выдаткi будуць падзелены пароўну памiж
Дагаворнымi Бакамi. Суд сваiм рашэннем можа вызначыць iншую
прапорцыю размеркавання выдаткаў.
Артыкул 11
Прымяненне Пагаднення
1. Гэта Пагадненне будзе прымяняцца да iнвестыцый, ажыццёўленых
iнвестарам аднаго Дагаворнага Боку на тэрыторыi iншага Дагаворнага
Боку ў адпаведнасцi з яго дзеючым заканадаўствам як да, так i пасля
ўступлення ў сiлу гэтага Пагаднення.
2. Гэта Пагадненне не абмяжоўвае Дагаворныя Бакi выконваць
юрыдычныя нормы Еўрапейскага Саюза, не адпаведныя гэтаму Пагадненню,
дзеючыя ў любы дадзены прамежак часу.
3. У выпадку ўзнiкнення непаразуменняў у адносiнах да дзеяння
пункта 2 гэтага Артыкула Дагаворныя Бакi будуць праводзiць
кансультацыi.
Артыкул 12
Уступленне ў сiлу i тэрмiн дзеяння
1. Гэта Пагадненне падлягае ратыфiкацыi i ўступiць у сiлу ў
першы дзень трэцяга месяца, якi адлiчваецца пасля месяца, на працягу
якога адбыўся абмен ратыфiкацыйнымi граматамi.
2. Гэта Пагадненне будзе заставацца ў сiле на працягу
дзесяцiгадовага перыяду. Па сканчэннi дзесяцiгадовага перыяду яно
будзе заставацца ў сiле на працягу неазначанага перыяду да сканчэння
дванаццацi месяцаў з моманту паступлення па дыпламатычных каналах
пiсьмовага паведамлення аднаго з Дагаворных Бакоў аб дэнансацыi
гэтага Пагаднення.
3. У адносiнах да iнвестыцый, якiя былi ажыццёўлены да спынення
дзеяння гэтага Пагаднення, палажэннi Артыкулаў 1-11 гэтага
Пагаднення будуць заставацца ў сiле на працягу пятнаццацi гадоў,
лiчачы з даты спынення яго дзеяння.
Здзейснена ў двух экзэмплярах у Мiнску 16 мая 2001 года на
беларускай, нямецкай i англiйскай мовах, прычым усе тэксты
з`яўляюцца аўтэнтычнымi. У выпадку разыходжанняў перавага будзе
надавацца тэксту на англiйскай мове.
За Урад За Урад
Рэспублiкi Беларусь Аўстрыйскай Рэспублiкi
Подпiс Подпiс
<<< Главная
страница | < Назад
|